Масавыя затрыманні, якія пачаліся ў краіне 31 кастрычніка, доўжацца дагэтуль. Пра гэта «Люстэрку» паведамілі ў службе эвакуацыі BYSOL. Паводле звестак на аўторак, 5 лістапада, у арганізацыю паступае інфармацыя пра тых, да каго прыйшлі. Паводле папярэдніх ацэнак фонду, пад рэйды сілавікоў трапіла каля 80 чалавек.
З меркаванняў бяспекі імя суразмоўцы змененае.
Паводле інфармацыі Фёдара — супрацоўніка службы эвакуацыі BYSOL, — хваля затрыманняў ужо закранула каля дзесяці населеных пунктаў. У фондзе іх не пералічваюць. Аднак частку з іх называлі праваабаронцы. Так, гэта Маладзечанскі і Асіповіцкі раёны, гарады Хойнікі, Смаргонь, Ваўкавыск.
— Першыя затрыманні, пра якія нам стала вядома, прайшлі яшчэ ўвечары ў сераду, 30 кастрычніка. Але яны былі не масавыя, і чаму адбыліся, мы не ведаем, — адзначае суразмоўца. — Ужо масавыя затрыманні здарыліся 31 кастрычніка. Вельмі шмат сведчанняў, што пачаліся яны плюс-мінус у 7.30 раніцы па ўсёй краіне.
Паводле інфармацыі, якая ёсць у BYSOL, за аперацыяй стаіць КДБ, хоць удзельнічаць у ёй маглі і супрацоўнікі іншых сілавых структур. Большасць затрыманняў праходзіла паводле падобнага сцэнара: у дзверы чалавеку гучна стукалі, каб «у яго быў шок».
— Калі ён адкрываў, урывалася група захопу ў амуніцыі, з аўтаматамі. Правярала памяшканне на прадмет бяспекі. Потым заходзіў следчы. Паводзіны следчых групаў былі розныя, дзесьці гвалту не было ці амаль не было. А дзесьці ўломваўся ГУБАЗіК і выкарыстоўваў зусім іншы падыход з вялікай колькасцю гвалту. У любым выпадку ўсё гэта праява дзяржаўнага тэрору, — працягвае Фёдар. — Падчас размовы ў кагосьці пыталіся пра паездкі ў Еўропу, у кагосьці — пра іх актыўнасць у краіне, камусьці выстаўлялі даволі жорсткія крымінальныя артыкулы, напрыклад, арт. 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), арт. 361 КК (Заклікі да санкцый) і арт. 342 УК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Некаторым іх невыстаўлялі, а проста забіралі, дапытвалі і давалі «адміністратыўку» за дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП). Магчыма, адразу больш жорсткі варыянт прапаноўвалі тым, на каго ў супрацоўнікаў быў нейкі кампрамат.
На пытанне, што магло б звязваць усіх гэтых людзей, у Фёдара няма адназначнага адказу. Паводле яго гіпотэзы, хваля затрыманняў — гэта вынік «вялікага расследавання сілавых службаў», якое, імаверна, пачалося ў 2021−2022 гадах. У BYSOL ёсць інфармацыя, што людзей на допытах пытаюць пра гэты перыяд.
— Сапраўды, сілавікі збіралі нейкую базу людзей у краіне, якія маглі б ім быць цікавыя. Як мы разумеем, яны праводзілі папярэднія допыты, на іх атрымлівалі нейкія імёны, потым спрабавалі іх звязаць у нешта адзінае. Аднак, як нам вядома, не заўсёды затрыманыя неяк аб’яднаныя паміж сабой. Напрыклад, людзі адно аднаго не ведаюць, а ім, дапусцім, прад’яўляюць: «Не, у вас тут адзіная супольнасць», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
На думку прадстаўніка службы эвакуацыі BYSOL, сілавікі «сабралі карцінку» і напярэдадні выбараў зладзілі хвалю затрыманняў.
— Мы чакаем, што яна не апошняя, — адзначае суразмоўца. — Магчыма, наступныя будуць на падставе тых паказанняў, якія сілавікі атрымаюць ад людзей [цяпер].
Выданне «Наша Ніва» пісала, што, імаверна, асноўная частка затрыманняў звязаная з тым, што 29 кастрычніка КДБ прызнаў экстрэмісцкім фарміраваннем кааліцыю дваровых чатаў.
Фарміраванне вызначаецца ў дакуменце как «группа граждан из числа представителей дворовых „суполок“ (формирований / коалиций) „Орден“ под названиями „Злые когтики“, „Сухарево“, „Сеніца2.0″, „Солідарность“, „Вольныя ваўкі“, „Навагрудскія партызаны“, „ВИЛИЯ“, „Скромные матрешки“, а также организации „Соседи““.
Паводле інфармацыі Фёдара, кола затрыманых „моцна шырэйшае, чым тыя людзі, якія маглі б быць датычныя да нейкага аб’яднання“.
— Сярод затрыманых былі і тыя, каму інкрымінуюць нейкую актыўнасць, і тыя, да каго прыйшлі проста за каментары, падпіскі, — каротка адказвае Фёдар. — Ёсць кейсы, калі ў поле зроку трапілі тыя, хто раней быў на допытах, а цяпер проста ездзіў у Еўропу па сваіх справах. Нават без івэнтаў.
Паводле інфармацыі, што паступіла ў BYSOL, з 31 кастрычніка па 5 лістапада сілавікі прыйшлі прыкладна да 80 людзей. Каля 20% з іх пасля допытаў адпусцілі. Кагосьці з» адміністрацыйкай", кагосьці ў статусе сведкі.
— Паводле звестак, якія ў нас ёсць, ізалятар на Акрэсціна перапоўнены. У камерах на 3−4 чалавекі сядзіць па 16. Пра іншыя ІЧУ не ведаю, — расказвае Фёдар і дадае: — Хацеў бы звярнуцца да людзей, якія разумеюць, што знаходзяцца ў зоне рызыкі. Да выбараў вам лепш пажыць не дома. У ідэале — нават не ў краіне. Але калі вы можаце хаця б з’ехаць, напрыклад, на лецішча да сябра, таксама добра. У любым выпадку гэта лепш, чым нічога. Звяртайце ўвагу на свае падпіскі ў тэлефоне, перапіскі ў чатах, у Telegram і гэтак далей. І яшчэ адзін важны момант. Калі раптам вас забіраюць на допыт, галоўнае, не нагаварыце на сябе. Не кажыце, напрыклад, «так, сапраўды там быў, каюся». Сказаць «каюся» — значыць сядзець.
Чытайце таксама