Набыў моц прысуд Мінскага гарадскога суда па крымінальнай справе пра «падрыхтоўку тэракту ў Дзень Перамогі», па якой судзілі чатырох жыхароў Беларусі і байца палка Каліноўскага, паведаміла Генпракуратура.

Як лічыць суд, 25-гадовы Валерый Водзін з палка Каліноўскага «сумесна з чатырма не абазнанымі ў яго сапраўдных злачынных намерах жыхарамі Мінска падрыхтаваў акт тэрарызму з выкарыстаннем выбуховых прыладаў, якія былі схаваныя ў дзвюх бытавых электрычных плітах, перададзеных у Беларусь з паштовым адпраўленнем з тэрыторыі суседняй дзяржавы». Пра завочны прысуд паведамлялася ў жніўні.
Акрамя Валерыя Водзіна вінаватымі прызнаныя людзі, якія жывуць у Беларусі: 29-гадовы Андрэй Грыгор’еў, 30-гадовая Вікторыя Волчак, 25-гадовая Ганна Савачкіна і яе маці Таццяна Русак. Але па адным артыкуле — пра здраду дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК). «З улікам іх ролі» яны асуджаныя на пазбаўленне волі на тэрміны ад сямі гадоў да сямі гадоў шасці месяцаў, паведамілі ў Генпракуратуры.
На гэты прысуд абвінавачаныя і іх абаронцы падалі апеляцыйныя скаргі, у якіх заявілі пра прызначэнне празмерна строгага пакарання. Вярхоўны суд пакінуў прысуд суда першай інстанцыі без зменаў, а скаргі — без задавальнення.
Што за справа пра «падрыхтоўку тэракту ў Дзень Перамогі»?
Падрабязнасці справы агучваліся ў траўні 2023-га ў прапагандысцкім фільме АНТ «„Убойная посылка“ смерти: кто и как хотел совершить теракт в День Победы».
Дзень Перамогі згадваўся толькі таму, што ў КДБ палічылі, што «гэта было прывязанае менавіта да Дня Перамогі».
У сюжэце паведамілі, што КДБ напярэдадні Дня Перамогі 9 траўня 2023 года «перадухіліў тэракт пад куратарствам Кіева». Сцвярджалася, што выбухоўка знаходзілася ў электрычных плітах, якія даслалі затрыманым праз пасылкі. Арганізатарам акцыі назвалі беларуса Валерыя Водзіна, які ваяваў ва Украіне. Кур’ерамі сталі людзі ў Беларусі.
У відэа расказалі пра тое, што пасылкі з электраплітамі, у якіх была выбухоўка, даставілі ў мінскі пункт СДЭК у Каменнай Горцы 21 сакавіка 2023 года з Кіева праз Італію. 29-гадовая Вікторыя Волчак пацвердзіла на допыце, што яна атрымала пасылку: яе папрасіў атрымаць пасылку Валерый Водзін. Студэнтка БДУ Ганна Савачкіна і яе маці Таццяна Русак узялі плітку ў Волчак і закапалі яе на могілках у Калодзішчах. Другую плітку забраў зубны тэхнік Андрэй Грыгор’еў і адвёз у садовае таварыства «Аўтарамонтнік 124» пад Аляхновічамі.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення спецыяльных экспертыз Уладзімір Атрашкоў заявіў, што ў плітках знаходзіліся пластычныя выбуховыя рэчывы масай каля двух кілаграмаў і электрадэнатары, якіх дастаткова, каб «сабраць некалькі выбуховых прыладаў».
У фільме таксама паказалі сябра Ганны Савачкінай — Яўгена Багданенку, але яго па гэтай справе судзіць не будуць. Яго лёс праваабаронцам невядомы.