Кавярні і рэстараны Брэста нібыта вырашылі праігнараваць Хэлаўін — яшчэ на мінулым тыдні не было ніводнай афішы ці нават згадкі тэматычных мерапрыемстваў, піша BGmedia. Выданне высветліла, што ва ўстановы горада прыходзілі праверкі, а святкаваць Хэлаўін ім забаранілі.

У сацсетках некаторых брэсцкіх установаў ужо апублікаваныя анонсы навагодніх вечарынак. Пра Хэлаўін — ні слова, піша выданне. Толькі ў «Каёце» рыхтуюцца да правядзення «Дажынак».
Журналісты BGmedia пагаварылі з брастаўчанамі, якія працуюць у сферы грамадскага харчавання. Аказалася, напярэдадні на гастранамічныя ўстановы наляцелі праверкі.
«Так, атрымалі ўсе п***ы за афармленне. Ніякіх згадак свята, жахаў і тэматычных гарбузоў. „Медузе“ на Савецкай прыгразілі закрыццём за грандыёзную вечарынку — давялося адмяніць», — падзяліўся інфармацыяй адзін з суразмоўцаў.
Гэтыя звесткі пацвердзіла яшчэ адна супрацоўніца пункту грамадскага харчавання. Паводле яе, нейкія людзі прыходзілі ва ўстанову і сказалі прыбраць гарбузы, не ўпрыгожваць памяшканне і гэтак далей.
«Самае цікавае, што я літаральна днямі была ў краме адзення, і там усё было ўпрыгожанае да Хэлаўіна. Магчыма, забарона закранула толькі пункты грамадскага харчавання — хадзілі з праверкамі, і я ведаю, што па шапках давалі за звычайныя гарбузы. Праўда, у некаторых кавярнях яны дагэтуль стаяць на тэрасах», — расказала супрацоўніца аднаго з брэсцкіх пунктаў грамадскага харчавання.
Пры гэтым, напрыклад, 2 лістапада ў Street Beat Dance Center усё ж запланаваная хэлаўінская вечарынка. Ёсць і іншыя месцы, дзе пройдуць ці ўжо прайшлі тэматычныя мерапрыемствы.
Нагадаем, Хэлаўін у Беларусі становіцца ўсё больш непажаданым святам: адзначыць яго ў грамадскім месцы ўсё складаней. Праўладныя актывісты, такія як Вольга Бондарава, абураюцца з нагоды і дзіцячых мерапрыемстваў, і нават простага ўпрыгожвання кавярняў у выглядзе гарбузоў і павуціння. Як стала вядома «Люстэрку», распараджэнне пра забарону Хэлаўіна летась разаслаў Гродзенскі аблвыканкам.