У Брэсце раптоўна памёр высокапастаўлены сілавік, які кіраваў разгонам пратэстаў у Пінску. Яму было 47 гадоў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У Брэсце памёр начальнік Ленінскага райаддзела міліцыі Дзмітрый Каравякоўскі. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Белсат» са спасылкай на крыніцы.

Полковник милиции Дмитрий Коровяковский. Фото: brestcity.com
Палкоўнік міліцыі Дзмітрый Каравякоўскі. Фота: brestcity.com

Што стала прычынай смерці высокапастаўленага сілавіка, не паведамляецца. Яму было 47 гадоў. На сайце Ленінскага РАУС Брэста начальнікам па-ранейшаму пазначаны Дзмітрый Каравякоўскі.

Ускосна смерць палкоўніка міліцыі пацвердзіў набліжаны да МУС тэлеграм-канал. 15 красавіка ў 15.08 там з’явілася фатаграфія Каравякоўскага ў чорнай рамцы з пагрозай затрымліваць усіх, «хто наважыцца здзекавацца са смерці чалавека».

Паводле звестак «Белсата», Дзмітрыя Каравякоўскага пахавалі 15 красавіка. Развітанне з ім прайшло ў Палацы культуры прафсаюзаў.

Начальнікам РАУС Ленінскага раёна Брэста Каравякоўскага прызначылі ў жніўні 2021 года. Да гэтага ён працаваў начальнікам міліцыі ў Пінску і асабіста кіраваў разгонамі падчас пратэстаў у горадзе. Запомніўся ён таксама каментаром дзяржтэлеканалу «Беларусь 1» пра тое, што гумавая дубінка «не наносіць сур’ёзных траўмаў».

— Яна (дубінка. — Заўв. рэд.) даволі эластычная, мяккая і падчас ужывання яе па целе не наносіць сур’ёзных траўмаў. Гэта сінякі, удары, але не больш за тое, — сказаў Каравякоўскі.

Дзмітрый Каравякоўскі нарадзіўся ў Пінску. У 1994 годзе ён паступіў у Акадэмію ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. З 1997-га працаваў супрацоўнікам крымінальнага вышуку ў Маскоўскім РАУС Брэста. Праз два гады перайшоў ва ўпраўленне крымінальнага вышуку УУС Брэсцкага аблвыканкама. Пасля заканчэння ў 2017-м магістратуры Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ён быў прызначаны першым намеснікам начальніка АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста. З красавіка 2019-га — на пасадзе начальніка аддзела ўнутраных справаў Пінскага гарвыканкама. Вядома, што бацька і брат Каравякоўскага таксама працавалі ў міліцыі.