У Беларусі хаваюць статыстыку па смяротнасці. Але ў адным райцэнтры яе выпадкова паведамілі — там антырэкорды
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Белстат з 2020 года не публікуе статыстыку па смяротнасці і нараджальнасці, але дзяржорганы яе выкарыстоўваюць. Нядаўна раённая газета «Авангард» з Буда-Кашалёва на Гомельшчыне выпадкова апублікавала звесткі, агучаныя ў райвыканкаме, на публікацыю звярнула ўвагу выданне «Флагшток».

Буда-Кошелево. Фото: "Белорусская глубинка"
Буда-Кашалёва. Фота: «Белорусская глубинка»

У Буда-Кашалёўскім райвыканкаме ў лістападзе прайшло паседжанне, прысвечанае медыцынскаму абслугоўванню. Там паказвалі прэзентацыю са слайдам пра статыстыку смяротнасці і нараджальнасці ў раёне за апошнія тры гады — ён трапіў на фота раённай газеты. На гэты момант з сайта газеты «Авангард» здымак выдалены.

Скриншот с сайта газеты "Авангард"
Скрыншот сайта газеты «Авангард»

«Флагшток» вывучыў звесткі і параўнаў іх з даступнай статыстыкай Белстата. Са слайда вынікае, што ўзровень смяротнасці ў раёне стабільна перавышае ўзровень нараджальнасці цягам апошніх трох гадоў. За апошнія два гады насельніцтва Буда-Кашалёўскага раёна скарацілася на 1444 чалавекі, або на 4,7%.

Найгоршая сітуацыя назіралася ў 2021 годзе, падчас пандэміі COVID-19. Натуральнае змяншэнне тады склала 12,1 чалавека на 1000 насельніцтва. У наступныя гады смяротнасць скарацілася, але знізілася і нараджальнасць. У выніку за 10 месяцаў 2023 года натуральнае змяншэнне насельніцтва склала 7,2 чалавека на 1000 насельніцтва.

Фото: "Флагшток"
Фота: «Флагшток»

Тэмпы скарачэння фактычнай колькасці насельніцтва апярэджваюць натуральнае змяншэнне. Дэмаграфічную сітуацыю ў рэгіёне пагаршае і міграцыя. Прычым адмоўная міграцыя яшчэ мацней уплывае на выміранне раёна, чым смяротнасць. Асабліва гэта заўважна сёлета: насельніцтва скарацілася на 2,6%, а натуральнае змяншэнне склала толькі 0,7%.

Натуральнае змяншэнне насельніцтва ў Буда-Кашалёўскім раёне назіралася і раней, аднак не такімі хуткімі тэмпамі. Акрамя ўсплёску смяротнасці ў перыяд пандэміі прычына вымірання — паступовае скарачэнне нараджальнасці. Найгоршы паказчык быў зафіксаваны ў 2022 годзе, калі ўзровень нараджальнасці склаў усяго 6,9 чалавека на 1000 насельніцтва.

Нагадаем, Белстат апошні раз публікаваў звесткі пра смяротнасць і нараджальнасць у траўні 2019 года. Ведамства само сабе дазволіла не раскрываць статыстыку, якая, як там лічаць, пагражае нацбяспецы краіны, грамадскаму парадку і маральнасці.

Чытайце таксама