Ад палітзняволенага «рэйкавага партызана» Дзяніса Дзікуна ўжо месяц няма звестак, паведамляе ў сваім тэлеграме праваабарончы цэнтр «Вясна».

У Вярхоўным судзе 31 сакавіка разглядалі апеляцыйныя скаргі на прысуд светлагорскім «партызанам». Нагадаем, Дзмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калоніі, Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 года. У выніку тэрміны пакінулы без зменаў, а скаргі — без задавальнення.
Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі 28 лютага — на пяты дзень паўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве» і рэгістрацыю ў плане «Перамога» і сувязь з BYPOL. Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме.
26 красавіка палітвязняў пачалі пераводзіць у калоніі. На наступны дзень Дзяніс адправіў ліст родным ужо з магілёўскай турмы, праз якую праходзіў этап у ПК-9. З таго часу ад яго няма вестак, таму ягоныя сваякі хвалююцца.
Напісаць ліст палітавязню можна па наступным адрасе: ПК № 9, 213 410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзікуну Дзянісу Сяргеевічу.