Польшча перагледзіць правілы выдачы карт паляка. Што зменіцца
Читать по-русски


Польшча перагледзіць правілы выдачы карт паляка і прааналізуе аб’ём і спосаб падтрымкі ўладальнікаў гэтага дакумента, якія перасяляюцца ў краіну. Гэта прадугледжваецца прынятай урадам стратэгіяй супрацоўніцтва з Палоніяй (эмігрантамі з Польшчы і іх нашчадкамі) і іншымі палякамі за мяжой, піша MOST.

Карта поляка. Фото: gov.pl
Карта паляка. Фота: gov.pl

У стратэгіі прапануецца ліквідаваць выпадкі злоўжывання падчас выдачы карт паляка, перш за ўсё фальсіфікацыі дакументаў пра польскае паходжанне.

Стратэгія патрабуе адмяніць магчымасць атрымання карты паляка на падставе актыўнасці ў польскіх арганізацыях. Але фактычна гэты шлях выдачы дакумента і так ужо закрыты. Замест гэтага прапануецца зрабіць упор на веданне заяўнікам польскай мовы і культуры.

Таксама плануецца прааналізаваць меры падтрымкі для ўладальнікаў карт паляка, якія перасяляюцца ў Польшчу.

Акрамя таго, мяркуецца адысці ад «вельмі ліберальных прынцыпаў» атрымання польскага грамадзянства. Для атрымання грамадзянства іншаземец мусіць будзе даказаць, што ён інтэграваўся ў польскае грамадства і добра ведае польскую мову.

Стратэгія прадугледжвае таксама падтрыманне сувязяў з палякамі і асобамі польскага паходжання, якія жывуць за межамі Польшчы. Паводле ацэнак аўтараў дакумента, іх налічваецца каля 20 мільёнаў. Урад прадугледжвае для іх дапамогу ў вывучэнні польскай мовы, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, захаванне ідэнтычнасці і сувязяў з Польшчай, гуманітарную і медыцынскую дапамогу, асабліва для асобаў сталага ўзросту.

Таксама плануецца спрыяць атрыманню адукацыі, працаўладкаванню і перасяленню такіх людзей у Польшчу.