У 2025 годзе запрацуе адразу некалькі важных пенсійных новаўвядзенняў. Яны датычаць як жанчын, так і мужчын. «Люстэрка» склала падборку гэтых змяненняў.

Павышэнне страхавога стажу
З 1 студзеня 2025 года ў Беларусі падымуць мінімальны страхавы стаж — да 20 гадоў (цяпер ён складае 19 гадоў 6 месяцаў). Ён неабходны для атрымання працоўнай пенсіі. У гэты стаж уваходзіць толькі той час, калі вы працавалі і працадаўца плаціў за вас страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны. Да прыкладу, дэкрэтны адпачынак у яго не ўключаюць (а ў агульны — так).
Раней мінімальны страхавы стаж складаў пяць гадоў, але з 2013 года яго пачалі рэзка павышаць. Беларусы, якія паводле новых правілаў не выпрацавалі гэтага стажу, трапляюць у пенсійную пастку: яны не могуць прэтэндаваць на працоўную пенсію, ім могуць прызначыць толькі сацыяльную (цяпер яна складае 218,9 рубля). Жанчыны могуць яе атрымліваць з 60 гадоў, а мужчыны — з 65.
Стандартны пенсійны ўзрост у Беларусі складае 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын. У Мінпрацы напярэдадні заявілі, што пытанне далейшага павышэння гэтага паказчыку «на парадку дня не стаіць».
Змяненне для шматдзетных маці
Адно з новаўвядзенняў датычыць жанчын. Калі дакладней, то яно закранае шматдзетных маці, у якіх чацвёра дзяцей. Для іх з 1 студзеня 2025 года знізяць мінімальны страхавы стаж — з 10 да 5 гадоў.
Новаўвядзенне для мужчын
З 2025 года мужчыны змогуць выходзіць на датэрміновую пенсію па ўзросце, калі яны выхавалі дзіця з інваліднасцю. Але ёсць важная ўмова — калі яны зрабілі гэта без удзелу маці. Датэрміновую пенсію наўзамен маці прызначаць бацьку, калі яму споўніцца 58 гадоў (жанчынам — у 53 гады).

Але для гэтага трэба выканаць некалькі патрабаванняў. Першае — выхаваць дзіця мінімум да 8 гадоў. Калі яно з нейкіх прычын не дажыве да гэтага ўзросту, то датэрміновай пенсіі не будзе (гэта правіла датычыць і жанчын). Другое — стаж працы не меншы за 25 гадоў. З іх 5 гадоў страхавога стажу, то-бок з выплатай страхавых унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Для маці гэтыя патрабаванні адрозніваюцца — стаж працы не меншы за 20 гадоў (з іх — 5 гадоў страхавога).
Некаторых пенсіянераў перастануць рэгістраваць у цэнтрах занятасці
Са студзеня 2025-га таксама ўвядуць змяненне ў заканадаўства што да занятасці насельніцтва. Сярод іншага чыноўнікі забароняць рэгістрацыю беспрацоўнымі ў цэнтрах занятасці тым, хто атрымлівае сацыяльную пенсію.
Цяпер такое абмежаванне дзейнічае для тых, каму выплачваюць пенсіі па ўзросце, за выслугу гадоў, а таксама прафесійную.
Пасунуць тэрміны звароту па пенсіі
З 1 студзеня 2025 года павялічаць тэрмін падачы заявы для прызначэння некаторых пенсій — па ўзросце, за выслугу гадоў і сацыяльных. Гэта можна будзе зрабіць за месяц да пенсійнага ўзросту і цягам такога ж тэрміну пасля. Выплаты прызначаць з той даты, калі чалавек дасягнуў узросту выхаду на заслужаны адпачынак.
Цяпер па прызначэнне пенсіі можна звяртацца ў любы час пасля таго, як з’явіцца на яе права. То-бок калі жанчыне споўніцца 58 гадоў, а мужчыну — 63 гады (калі гаворка не пра льготнікаў). Але калі чалавек прыйдзе па яе не ў свой дзень нараджэння, а пазней, то гэтыя выплаты яму пачнуць налічваць з той даты, калі ён звярнуўся.

Здымуць абмежаванні для тых, хто працуе на пенсіі
Улады адменяць столь што да памеру выплат для тых, хто працягвае працаваць на пенсіі і адначасова атрымлівае і зарплату, і пенсію. У некаторых з іх ёсць абмежаванні што да максімальнага памеру пенсійных выплат. Гэта датычыць тых, у каго да выхаду на заслужаны адпачынак быў заробак, які ў 1,3 разу перавышаў сярэдні па краіне.
Трохі патлумачым. Ёсць такое паняцце, як індывідуальны каэфіцыент заробку — гэта суадносіны фактычнай зарплаты, якую атрымліваў чалавек да выхаду на заслужаны адпачынак, і сярэдняй па краіне. Калі зарплата канкрэтнага чалавека была ў паўтара разу большая за сярэднюю, то ў яго гэты каэфіцыент складае 1,5, калі на ўзроўні сярэдняй — то 1. Дык вось для тых, хто працягвае працаваць на пенсіі, ёсць столь па памеры выплаты — бярэцца максімальны каэфіцыент на ўзроўні 1,3. Нават калі ў кагосьці ён складае 1,5 ці 2, то ўсё роўна дзейнічаюць абмежаванні. То-бок фактычна чалавек недаатрымлівае частку пенсіі, калі працягвае працаваць на заслужаным адпачынку.
Яшчэ адно новаўвядзенне для пенсій і рынку працы
У Беларусі ў некаторых беспрацоўных цяпер ёсць магчымасць датэрмінова выйсці на пенсію. Гаворка пра тых, хто быў звольнены праз ліквідацыю арганізацыі, стаў на ўлік у цэнтр занятасці, але не змог працаўладкавацца. Такія людзі цяпер могуць датэрмінова выйсці на заслужаны адпачынак на два гады раней: жанчыны — у 56 гадоў, а мужчыны — у 61 год. Але для гэтага патрэбная згода службы занятасці.
У 2025 годзе для датэрміновага выхаду на пенсію на такой падставе ўвядуць абмежаванне: выйсці на заслужаны адпачынак можна будзе не на два гады раней, а на адзін.
Чытайце таксама