Сёння на паседжанні ЦВК разгледзелі пытанні пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп грамадзян у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, 4 лістапада стаў вядомы канчатковы спіс кандыдатаў у прэтэндэнты на выбарах.
Раней ЦВК Беларусі зарэгістраваў ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, дэпутата і лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча, кіраўніка Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандра Хіжняка і былой прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай.
Сёння, 4 лістапада, былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе Ганны Канапацкай, старшыні Рэспубліканскага савета Беларускага саюза афіцэраў (БСА) Сяргея Бобрыкава, першага сакратара ЦК КПБ Сяргея Сыранкова.
Прадпрымальніцы Дыяне Кавалёвай у рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы адмовілі: яна набрала 85 чалавек (неабходна 100), звесткі астатніх прызналі недакладнымі. Таксама адмовілі Віктару Куляшу: ён не падаў спісу сябраў ініцыятыўнай групы, а толькі заяву.
Такім чынам, прэтэндэнтамі на ролю кандыдатаў на выбарах-2025 сталі сем чалавек. Іх ініцыятыўныя групы з 7 лістапада могуць прыступаць да збору подпісаў:
Нагадаем, першай 26 кастрычніка падала пакет неабходных папер ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, праз некалькі дзён яна была зарэгістраваная. Пры гэтым тады ж ЦВК адмовіў у рэгістрацыі дзвюм групам: старшыні руху «За Свабоду» і эксперта па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юрася Губарэвіча, бо ён падаў дакументы праз электронную пошту, і Аляксандра Драздова — праз адсутнасць некаторых папер.
Для вылучэння кандыдатам трэба сабраць не менш за 100 000 подпісаў. Улады традыцыйна выкарыстоўваюць для гэтага адміністрацыйны рэсурс.
Распечатано с портала ZERKALO.IO