Лукашэнка расказаў пра свае перамовы з Пуціным на Валааме: «Адрынання абсалютна няма»
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па міжнародных пытаннях 29 ліпеня расказаў пра вынікі перамоваў з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якія прайшлі на востраве Валаам.

Лукашенко и Путин на Валааме 26 июля. Фото: kremlin.ru
Лукашэнка і Пуцін на Валааме 26 ліпеня. Фота: kremlin.ru

— Увосень, напярэдадні 25-годдзя Дамовы пра стварэнне Саюзнай дзяржавы, у Мінску адбудуцца ўсе важныя мерапрыемствы — і саюзны Саўмін, і Найвышэйшы дзяржсавет. З прэзідэнтам Расіі мы дамовіліся, што да гэтага моманту мусяць быць закрытыя ўсе праблемныя пытанні — і па лініі саветаў бяспекі (пра гарантыі бяспекі), і па тэмах урада. Усе пытанні мусяць быць вырашаныя да пачатку чацвёртага квартала, — сказаў Лукашэнка.

Палітык дадаў, што з Уладзімірам Пуціным ён знайшоў паразуменне «па ўсіх пытаннях».

«Адрынання абсалютна няма», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Ён падкрэсліў, што з яго боку выбудаваны трывалы падмурак адносін з Расіяй, вырашаныя як стратэгічныя пытанні (і па асноўных напрамках прынятыя рашэнні), так і тактычныя. А далей ужо перад урадам стаіць задача развіваць супрацоўніцтва і прадметна дамаўляцца па тых ці іншых аспектах.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ліку пытанняў, якія заставаліся нявырашанымі на ўзроўні ўрада і абмяркоўваліся на сустрэчы з Пуціным, былі тры асноўныя: новая формула цэнаўтварэння на нафту, утылізацыйны збор і перадаплата за нафту.

— Вы паставілі, як звычайна бывае, не вырашаныя вамі з урадам Расіі пытанні (а мусілі вырашыць) — па нафтаформуле (новай формуле цэнаўтварэння), другое пытанне — утылізацыйны збор і трэцяе пытанне — наконт перадаплаты за нафту, — звярнуўся Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады. — Усе гэтыя пытанні мы абмеркавалі з прэзідэнтам Пуціным. Больш за тое, мы дамовіліся, што я сёння-заўтра (у залежнасці ад таго, як вы гэта падрыхтуеце) скірую яму пісьмовае пасланне, ліст, з выкладаннем сутнасці гэтых трох пытанняў.

Напрыклад, што да перадаплаты за нафту, якую ў асноўным пастаўляе ў Беларусь кампанія «Раснафта», то гэта «нават абурыла прэзідэнта Расіі».

— Гэтага быць не можа! Якая перадаплата? Усё жыццё працавалі без перадаплаты — зможам і далей працаваць, — перадаў Лукашэнку рэакцыю Пуціна.

У перамовах цэнтральнае месца займалі таксама пытанні гарантый бяспекі.

— Яны закрыты характар мелі, — адзначыў Лукашэнка. — Усе сілавыя структуры і міністры падключаныя, Міністэрства замежных справаў — па пэўных пытаннях. Вось сутнасць гэтых перамоваў. Я яшчэ раз падкрэсліваю: паразуменне знойдзенае па ўсіх пытаннях, адрынання ніякага няма.

Нагадаем, 27 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вярнуўся ў Беларусь пасля візіту ў Расію, дзе размаўляў з Пуціным «шмат і прадметна». Амаль двое сутак палітыкі прабылі на востраве Валаам. Да сённяшняга дня падрабязнасці іх перамоваў не паведамляліся.

Чытайце таксама