Сёння Віктару Бабарыку спаўняецца 60 гадоў. Чацвёрты дзень нараджэння ён сустракае за кратамі за тое, што ў 2020-м паспрабаваў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах і як патэнцыйны кандыдат выклікаў сімпатыю ў многіх выбаршчыкаў. Прычым гэтым разам ні прыхільнікі, ні блізкія не ведаюць дакладна, што з яго здароўем і што з ім адбываецца ў калоніі. Хутчэй за ўсё, самому палітыку ў зняволенні таксама не перадаюць лісты і навіны з вонкавага свету. У яго юбілей мы папрасілі вядомых беларусаў напісаць яму лісты. Хай Віктар не зможа прачытаць іх цяпер, але мы верым, што ён абавязкова калісьці ўбачыць ці пачуе гэтыя словы.
Святлана Алексіевіч, пісьменніца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі
— Акрамя тых выдатных справаў, якія вы рабілі — у тым ліку і мае кнігі выдавалі, і куплялі творы мастацтва, — вы мяне ўзрушылі як чалавек. Незадоўга да нашай сустрэчы загінула вашая жонка. Калі мы размаўлялі і я вам сказала, якую важную працу вы робіце ў культуры, што менавіта з гэтага трэба пачынаць, каб і адукоўваць народ, і рыхтаваць да новых часоў, вы сказалі: «Усё, што ўва мне сёння, — гэта ўсё зрабіла мая жонка. Я ёй удзячны». Гэта не кожны мужчына скажа, асабліва беларускі. Для мяне гэта прыкмета сілы, адукаванасці, нейкай сапраўды еўрапейскасці. Усе кажуць, што мы еўрапейскія, а прыкмет гэтай еўрапейскасці… Мы ўбачылі гэта на маршах, так, а ўвогуле ў нашым жыцці шмат і нееўрапейскага. Вось уявіце двух чалавек: Лукашэнку і Бабарыку. Хіба Лукашэнка так скажа?
Я б хацела сказаць вам, Віктар, што для нас вы — як сімвал барацьбы, і мы за гэта вам удзячныя. Без такіх людзей мы б не рыхтаваліся да новага часу. Мы ведаем, што трэба рабіць. Калі б мы цяпер маглі пагаварыць, я б перш за ўсё сказала, што захопленая вамі — і ў інтэлектуальным сэнсе, і вашай мужнасцю ісці да канца. І што, нягледзячы на тое, што і вы, і Маша Калеснікава так далёка, нягледзячы на тое, што вы седзіце ў турме, вы ўвесь час дапамагалі нам, бо мы памятаем пра вас. І нават тая маленькая інфармацыя, што ад вас даходзіць, робіць нас мацнейшымі.
Лявон Вольскі, рок-музыка
— Шаноўны Віктар! Ад усяго сэрца віншую вас з народзінамі! Разумею, наколькі вам зараз няпроста, бо мы якраз займаемся праектам «Лісты палітвязьням», дзе, апроч іншага, былыя беларускія зняволеныя распавядаюць пра гэты нялёгкі досвед — жыццё за кратамі. Таму я разумею, наколькі цяжка знаходзіцца ў беларускай катоўні днямі, месяцамі і гадамі.
Хачу падзякаваць вам за тое, што вы зрабілі дасяжным для беларусаў мастацтва нашых землякоў, якія напоўніцу раскрылі свой талент за мяжою — у Парыжы. Гэта Суцін, Цадкін, Любіч, Кікоін і іншыя выбітныя майстры. Дзякуй вам і за падтрымку сучаснага беларускага мастацтва.
Шаноўны Віктар, у 2020 годзе вы зрабілі смелы, калі не сказаць адчайны, крок. Пайсці супраць адладжанай рэпрэсіўнай сістэмы, якая не спыняецца ні перад чым, каб толькі захаваць сябе (для яе нават нобелеўскі лаўрэат — ніхто), — гэта ўчынак, варты бясконцай павагі. Я ўпэўнены, што вы разумелі магчымыя наступствы гэткага кроку, але ўсё адно зрабілі яго.
Я хачу сказаць вам, шаноўны Віктар, што ўсё гэта — не дарэмна. Як гэта ні банальна гучыць, але падобныя ўчынкі — гэта цагліны ў падмурак нашай з вамі новай, прыўкраснай, бліскучай, еўрапейскай і дэмакратычнай Беларусі, якую ўрэшце мы збудуем разам. З народзінамі! Жыве Беларусь!
Святлана Ціханоўская, лідарка дэмакратычных сіл
— Дарагі Віктар Дзмітрыевіч, свой дзень народзінаў вы зноў адзначаеце за кратамі. Але я ведаю, што вы трымаецеся годна, нягледзячы на тое, што рэжым здзекуецца і не дае ніякай магчымасці звязвацца з роднымі і паплечнікамі ўжо з сярэдзіны лютага.
Я веру, што вы, як і беларусы, не страцілі надзеі падчас гэтага цяжкага шляху. Вы, як і беларусы, марылі і жадалі найлепшага для нашай краіны — свабоды. Я ўпэўненая, што нашыя мары і жаданні здзейсняцца.
І сёння, як і беларусы, я зычу волі вам, усім палітвязням і нашай краіне. Зычу нам усім хуткай сустрэчы на вольнай беларускай зямлі.
Юрый Стыльскі, лідар гурта «Дай Дарогу!»
— Шаноўны Віктар! На жаль, мы не паспелі пазнаёміцца, але веру, што мы ў самыя кароткія тэрміны запоўнім гэты прабел. Хачу пажадаць вам здароўя, душэўнага спакою і моцы духу. Каб у наступны ваш дзень нараджэння я адкрываў для вас чарговую бутэлечку пеністага. З павагай цісну руку, да хуткай сустрэчы за сталом у коле сям'і і сяброў.
Андрэй Стрыжак, заснавальнік фонду BYSOL
— Віктар Бабарыка, вы апошні рамантык беларускай палітыкі, бо, напэўна, гэта была першая і апошняя спроба электаральных перамен, што мела шанцы на поспех. Людзі, якія збіралі подпісы, стаялі ў чэргах, каб іх паставіць, а потым ішлі на выбары, — яны спадзяваліся, як і вы, Віктар Дзмітрыевіч, што можна нешта памяняць у краіне шляхам выбараў. Аднак самы важны фактар — што Масква не падтрымае перамены, а стане на бок Лукашэнкі — не быў улічаны, і за гэта паплаціліся тысячы людзей — яны цяпер сядзяць у турме, як і вы.
Так выйшла, што мы з вамі ведалі адзін пра аднаго, былі пэўныя зносіны, але ні разу так і не перасекліся ўжывую. Цяпер, калі б мы маглі пагутарыць, я б дакладна падыскутаваў з вамі пра тое, хто такі беларус, калі з’явілася беларуская нацыя і што гэта значыць. Бо, грунтуючыся менавіта на нацыянальнай свядомасці, ёсць шанец на вызваленне, асобную будучыню ад крамлёўскіх наратываў. Цікава, наколькі змяніўся ваш пункт гледжання на гэтыя рэчы за гады турмы, пасля ўсяго таго, што вы там бачылі, як з вамі абыходзіліся, як душаць цяпер вашую волю і катуюць у цэлым.
Я б хацеў у дзень вашага 60-годдзя пажадаць, вядома ж, свабоды і асэнсавання таго, што адбылося, і таго, наколькі сур’ёзным фактарам у перашкодзе свабодзе нашай краіны з’яўляецца Масква, наколькі мы цяпер залежым ад Крамля. І пакуль гэтая залежнасць будзе захоўвацца, у Беларусі не будзе ні дэмакратыі, ні свабодных выбараў, ні справядлівасці — нічога з таго, да чаго мы ўсе імкнёмся. І я б пажадаў вам здароўя, сіл маральных і фізічных. А яшчэ — застацца ў жаданні і магчымасці будаваць Беларусь пасля свайго вызвалення.
Ілля Салей, юрыст, сябра штаба Віктара Бабарыкі
— Дарагі Віктар Дзмітрыевіч, мы ведаем, што вам цяпер цяжка. І ніхто з нас нават уявіць не можа, наколькі. Але мы ўпэўненыя, што вы дасце гэтаму рады: мы вас ведаем. І я хачу, каб сёння вы таксама былі ўпэўненыя як мінімум у адным — гэта ўсё не дарма. З днём нараджэння, Віктар Дзмітрыевіч. Будзьце ўпэўненыя, мы — разам.
Мікіта Мелказёраў, журналіст, вядоўца праекта «Жизнь-малина»
— Віктар, вітаю. Спадзяюся, у вас усё больш-менш. Ну, наколькі гэта можа быць больш-менш у сённяшняй сітуацыі. Самых непрыемных думак я сабе не дазваляю, захоўваючы надзею.
Я збіраўся за вас галасаваць. То-бок менавіта вы агулам натхнілі ўпершыню ў жыцці схадзіць на выбары. Разумею, летам 2020-га было шмат, ці, можа, нават зашмат наіўнасці. Але за тыя пачуцці я вам вельмі ўдзячны. Напэўна, найлепшае лета майго жыцця.
Яшчэ ўдзячны за, на маю думку, праймавы Мінск. Кастрычніцкая, восеньскі салон — усё гэта падымала вышэй за чарку і скварку. Безумоўна, я не ва ўсім з вамі згодны, мне падабаліся не ўсе вашыя меркаванні ці паводзіны вашай каманды, але гэта нармалёва. У адэкватным грамадстве людзі з рознымі пунктамі гледжання здольныя дамаўляцца.
Я жадаю вам волі і магчымасці рэалізаваць усе вашыя ідэі ў гэтым самым адэкватным грамадстве, якога вартыя беларусы. З днём нараджэння. Хай шчасціць.