У панядзелак, 25 лістапада, раніцай у Вільнюсе зваліўся самалёт. Пра гэта паведамляе DELFI.

Паводле звестак паліцыі, у 5.31 паступіла паведамленне, што ў Вільнюсе на вуліцы Жырню зваліўся грузавы самалёт. Паведамляецца, што ў самалёце былі чатыры чалавекі: два пілоты і два работнікі.
Паводле звестак аддзела каардынавання сітуацый Дэпартамента пажарнай бяспекі і выратавання, самалёт зваліўся ў двары двухпавярховага жылога дома.
Авіякатастрофа ў Вільнюсе трапіла на відэарэгістратар.
Адзін з двух пілотаў загінуў.
«Так, адзін чалавек загінуў. Дваіх чальцоў экіпажа вызвалілі, яны падаюць прыкметы жыцця, чацвёртага шукаем», — сказаў кіраўнік Дэпартамента пажарнай бяспекі і выратавання Рэнатас Пажэла.
У доме, у двары якога зваліўся самалёт, чатыры кватэры. Там жывуць тры сям'і. Пажарныя эвакуявалі 12 чалавек, людзі не пацярпелі.
Паводле раскладу ў гэты час мусіў здзейсніць пасадку самалёт кампаніі DHL, які ляцеў з Ляйпцыга.
Кіраўнік паліцыі Арунас Паўлаўскас заявіў, што версія тэрарызму не выключаецца, але, хутчэй за ўсё, гэта альбо тэхнічная аварыя, альбо чалавечая памылка.
У апошнія месяцы ў еўрапейскіх краінах пачасціліся інцыдэнты, звязаныя з гібрыднымі атакамі з Расіі. Некалькі такіх інцыдэнтаў былі звязаныя з самалётамі DHL.